Вясна

RSS Feed
Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Вясна!.. Вясна!..
У цвеце нівы,
Цвітуць асмуглыя сады;
Кіпучай радасці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
Ў грудзях вяснова-маладых!..

I п'ю я ў моладасці мілай
Кілішкі поўныя да дна,
Што мне ў маленстве падарыла
Чароўна-светлая вясна.

Яна сустрэла мяне рана,
3 дарамі ласкавай зары,
Як сонца плавала ў тумане
Ды сосны плакалі ў бары.

Яна сустрэла мяне ў полі
3 вянкамі чараў і надзей,
Дзе песні буйныя на волі
Свабодна веялі з грудзей...
. . . . . . . . . . . . . . . .

Вясна у цвяту!
Цвітуць парэчкі,
Цвіце язмін на дне душы!..
Гаі альховыя над рэчкай
Смяюцца й журацца ў цішы.

А там, у ярах пры даліне,
У вішнях тонуць хутары,
Дзе спевы кволаю вятрынню
Калышуць змрок - вячэрні іней, -
Плывуць спакойна з-пад гары.

I ловіць сэрца ў заміранні
Акорды жыцця цераз край:
"Гара высокая ў тумане,
А пад гарой зялёны гай"...

Узыйдзе месяц над курганам
У вянках прыгожасці і чар,
I ўзорам тонкім, даматканым
Засцеле ў просіні абшар.

Рассыпле пацеркі з прыполу,
Заўе карункі на расе, -
Дзе вербы хіляцца дадолу
У сваёй чаруючай красе.

А песня коціцца далінай
Ў акордах, поўных пачуцця,
I ў сэрцы родзіць успаміны
Былых аповесцей жыцця!..

Бы ў казках светлага дзяцінства,
Жывыя вобразы ўстаюць...
. . . . . . . . . . . . . . . .
У вішнях вёска... На гасцінцы,
Чуваць, начлежнікі пяюць...

А там, ў тумане за гарою,
Званок далёка празвініць,
I ціха зноў... Па-над ракою,
Як вольны табар пры агні,
Сядзяць у світках саматканых
Малыя хлопцы. Ў тыя дні
Цвіла фантазія півоняй,
Было так весела ўсягды, -
Таму вы й мілы мне сягоння,
Мае дзіцячыя гады!..

Так мілы
Сэрцу дарагія
Дзіцячых сноў
Былыя дні.
Як сведкі,
Вобразы жывыя,
Ў красе
Паўночнай цішыні
Вы ўстаеце перада мною
На сцежках
Светлае вясны, -
Шумяць дзе ў полі
Тры сасны, -
Каб адпачыць
Я мог душою.

I там, дзе плакаў я ці мала
I выпіў боль душы да дна, -
Хачу, каб вечна красавала
Прыгожа-светлая вясна.

Вясна!.. Вясна!..
У цвеце нівы,
Цвітуць над возерам сады;
Шырокай радасці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
У грудзях вяснова-маладых!..

Іншыя вершы аўтара