Явар і каліна
Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.
Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
Ў повесцях сонных імшараў...
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.