Янка Купала

RSS Feed

Выйдзі...

Сярэдняя: 4.2 (57 галасоў)

Ўстань ты, старонка, родная маці!
Годзе зімовага рабскага сну,
Годзе табе ўжо слёзна ўздыхаці, —
Выйдзі на поле, на сенажаці,
Выйдзі спаткаці вясну!

Скінь лахманы, што доўгія векі
Ты валачыла з кастры, з палыну;
Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла здзекі, —
Выйдзі спаткаці вясну!

Вырылі сцюжы віхрамі, снегам
Яму глыбоку табе не адну;
Снежныя насыпы мела начлегам...
Глянь, снягі таюць, рэчкі йдуць бегам...
Выйдзі спаткаці вясну!

З поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану з лістоў галіну;
З захаду зверы йшлі чарадою
Рваць твае грудзі... Выйшла жывою, —
Выйдзі ж спаткаці вясну!

Дзетак тваіх скрозь крыўдай сляпілі,
Мучылі, гналі без часу ў труну,
Казак вучылі, што ты ў магіле,
Толькі ж бліск сонца здраду асіліў...
Выйдзі спаткаці вясну!

Ясна, святочна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песняй распейся, славай акрыйся,
Выйдзі спаткаці вясну!

Сплецену з церняў маеш карону,
Хорам твой — неба і нівы краса,
Царства ў чатыры дрэмле староны,
Слугі — мазольных рук міліёны...
Выйдзі... Чакае вясна!..

Вясна

Сярэдняя: 4.3 (63 галасоў)

Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей не мерзне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.

Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя,
Сёння усталі, плывуць і бурляць;
Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,
К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,
Радасна песні зайгралі свае;
Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі,
Свішча салоўка, і дзяцел клюе.

Поле травіцаю сочнай адзелася,
Выйшла скацінка і дружна скубе,
Каля скацінкі падпасвіч з жалейкаю
Хадзіць навокал ды йграе сабе.

Грай, грай, жалеечка! Грай, грай, вясёлая!
Выйграй з вясною і долечку мне;
З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі
Грай мне аб шчасці, грай аб вясне!

Вясна

Сярэдняя: 4.7 (22 галасоў)

У вянку з пралесак,
У святлянай шаце
Ходзе борам-лесам,
Полем, сенажацяй.

Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Раніцамі сее,
Як брыльянты, росы.

Сцелецца травіцай,
Ветрыкам шапоча,
Коціцца крыніцай,
Рыбкаю плюскоча.

Весела міргае
Сошцы і баронцы,
Зернятка хавае
Ў свежай баразёнцы.

У гайкі заходзе,
Шапаціць лісткамі;
Гутарку заводзе
З белкамі, дзятламі.

Роднае прыселле,
Вырай любіць вуча,
Лад вядзе ў капэле
Грамады пявучай.

Сяміцвет – вясёлкай
Ззяе над далінкай,
Ходзе за кароўкай,
Гляне і ў хацінку.

Дзецюку, дзяўчыне
Блогасна ўсміхнецца,
Штось на вуха кіне,
Закалоце сэрцам.

I усюды гэтак –
Полем, сенажацяй,
У кароне з кветак,
У святлянай шаце.

Усе аўтары