Краска

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Краска, мілая мая,
Госця веснавая!
Як ты хораша цвіцеш
У глушы, любая!

З ціхім усмехам з табой
Вецярок жартуе,
I цябе ў вясёлы дзень
Сонейка цалуе.

Што ж на тварыку тваім
Легла задуменне?
Што нявесела глядзіш,
Мілае стварэнне?

I не радуе цябе
Дзень вясёлы мая,
Голас радасны вясны,
Песня маладая?

Я хацеў бы адгадаць
Дум тваіх гаворку,
Я б хацеў развесяліць
Краску, маю зорку.

Што гаруеш ты аб тым,
Што і ты без волі,
Што краса ўся адцвіце
Без пары і долі?

Ці па тым, што вецярок
Разлучыў з лугамі,
Дзе б ты гутарыць магла
З пчолкамі, з чмялямі?

Я любуюся табой,
I мне смутна стане,
Што ў астрозе хараство
Усё тваё завяне.

Што адна ты адцвіцеш
Век свой сіратою, —
А багата ж адарыў
Май цябе красою!

Краска, красачка мая,
Мілае стварэнне!
Што ж на тварыку тваім
Легла задуменне?