Юр'я

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Я ўстану да самай зары
Ды прайдуся па юр’еўскіх росах.
Будзе свет, як заўжды, малады,
Будзе радасць на сонечных плёсах.

На зялёнай траве маладой,
Нібы пацеркі, першыя росы.
Я крану іх пяшчотна рукой,
А ў адказ – перазвон шматгалосы.

Так спявае зямля па вясне.
Б’е па травах, па росах конь белы…
Дзесьці побач –здалося ці не? –
Залатыя ключы празвінелі.

Адмыкае зямлю Юр’еў конь,
Кліча ў поле, на луг, на пакосы.
І ляцяць з-пад капыт на далонь
Брыльянцістыя белыя росы.