Зіма ўцякае начамі...

RSS Feed
Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Светлых дзён баючыся, —
Мутнымі ручаямі,
На пачарнелай крызе,
Зіма ўцякае начамі.

Ёй на шляхах світальных
Не ваяваць з туманамі, —
Ад іх абдымкаў знішчальных
Зіма ўцякае начамі.

Цёмных завей заслонай
Ёй не звісаць над палямі —
Ад першай руні зялёнай
Зіма ўцякае начамі.

Ужо ёй здрадзілі хмары
I праліліся дажджамі, —
Ад перуновай кары
Зіма ўцякае начамі.

Кожнай вясною гэтак, —
З сэрца — цяжкімі снамі,
Нечай крывёй — з планеты, —
Зіма ўцякае начамі.