Аркадзь Куляшоў
RSS FeedДаўно закончыліся спрэчкі...
Даўно закончыліся спрэчкі
Зімовай цемры і святла,
Даўно ўжо ў ручаі і рэчкі
Вясна зляжалы бруд змяла.
А лес пад шаты не запросіць
Гасцей, бо для ягоных крон
Яшчэ не скончылася восень,
Зімы не адасніўся сон.
Ну як яму пралескам верыць,
Што расцвілі на ўскраі дзесь,
Калі прапахлы снегам верас
За дзень не выхадзіць увесь?
I будзе спаць ён, недарэка,
Пакуль яго дрымотны плот
Не пералезе з трэскам рэха
Цярплівасць страціўшых грымот.
Зіма ўцякае начамі...
Светлых дзён баючыся, —
Мутнымі ручаямі,
На пачарнелай крызе,
Зіма ўцякае начамі.
Ёй на шляхах світальных
Не ваяваць з туманамі, —
Ад іх абдымкаў знішчальных
Зіма ўцякае начамі.
Цёмных завей заслонай
Ёй не звісаць над палямі —
Ад першай руні зялёнай
Зіма ўцякае начамі.
Ужо ёй здрадзілі хмары
I праліліся дажджамі, —
Ад перуновай кары
Зіма ўцякае начамі.
Кожнай вясною гэтак, —
З сэрца — цяжкімі снамі,
Нечай крывёй — з планеты, —
Зіма ўцякае начамі.
Калі вясною закукуе...
Калі вясною закукуе
Зязюля ў лесе раніцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Бары на Міншчыне маёй.
Згадай усё, што сэрцу міла,
Што сэрцу дорага было.
Забудзь, што ўсё адгаманіла,
Адкукавала, адышло.
Згадай усё, што нам жадала
Ку-ку! — ў зычлівым гушчары.
Забудзь, што ў хованкі гуляла
Жаданне з намі да зары.
Забудзь, што рэху не вярнуцца
Ні да цябе, ні да мяне.
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.
Апошнiя водгукi
2 года 40 недель назад
2 года 41 неделя назад
2 года 42 недели назад
2 года 42 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад