навальніца

RSS Feed

Красавіцкая навальніца

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Небу цёмна-сіняму і ветру
Скардзіліся чорныя палі:
«Сонцам мы вясновым абагрэты,
А дажджу даўно ўжо не пілі!»

I тады прыйшлі паважна хмары —
Айсбергі падсонечных вышынь.
Гром у бубны гулкія ударыў,
Цішыню густую пакрышыў.

Я люблю часіну навальніцы,
Калі б’е пярун па ўсіх ладах
I злуюцца ў хмарах бліскавіцы,
Кроплі асыпаючы на дах.

А струмені звоняць, нібы струны,
Прагна п’е іх смяглая зямля;
Травы прарастуць, густыя руні
Забушуюць хутка на палях.

Адгулі грымоты і замоўклі.
Усюды шмат срабрыстых ягад-рос.
Елкі цёмнагрывыя намоклі,
Сушаць вербы пасмы жоўтых кос.

На зямлю блакіт праліўся — лужын
Шмат блішчыць усюды, а ў вадзе
Сонца промні зыркія варушыць,
Ніткі залацістыя прадзе.

Ў сетцы дрэў ідзе птушыны мітынг —
У азоне спеў ярчэй грыміць.
А зямля абмытая дыміцца,
Дыхаючы поўнымі грудзьмі.

На сустрэчу ёй выходзяць людзі:
«Сейбітаў, радзімая, прымай!»
Я на ўсіх прыкметах бачу — будзе
Сёлета багаты ураджай.