жыццё

RSS Feed

Той напусціў туман...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Той напусціў туман,
Той жаласна парохкаў...
Люблю жыцця падман,
Люблю ілюзій крохкасць.
Хоць супярэчу сам
Сабе —
то не апіска:
Сумую на лясах,
А ў лесе зноў па Мінску.
Нам з дому не ўцячы:
Навек мы гараджане,
Хоць часам уначы
Снім конскае іржанне.
З нас кожны следапыт,
Калі не так — няшчасце.
А заімглёны быт
Нам сонца можа засціць.
Бо калі вечна быць
Сухім рахункаводам,
Няцяжка і забыць
Пра поле, лес і воды...
Прабіліся расткі,
Свідруюць дол зярняты.
На клёне ўжо лісткі
Сядзяць, як птушаняты.
Зялёных птушанят
Вачмі гадуюць людзі.
Хлушу сабе, што страт
Вясною больш не будзе.
Чаго мне гараваць,
Што прыйдуць лістапады?
Люблю расшыфраваць
Вясною слова «Радасць»;
Злавіць у добры час
Святло зарніц трывожных
У маладых вачах
Жанчын, такіх прыгожых.