Выйдзі...

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Ўстань ты, старонка, родная маці!
Годзе зімовага рабскага сну,
Годзе табе ўжо слёзна ўздыхаці, —
Выйдзі на поле, на сенажаці,
Выйдзі спаткаці вясну!

Скінь лахманы, што доўгія векі
Ты валачыла з кастры, з палыну;
Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла здзекі, —
Выйдзі спаткаці вясну!

Вырылі сцюжы віхрамі, снегам
Яму глыбоку табе не адну;
Снежныя насыпы мела начлегам...
Глянь, снягі таюць, рэчкі йдуць бегам...
Выйдзі спаткаці вясну!

З поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану з лістоў галіну;
З захаду зверы йшлі чарадою
Рваць твае грудзі... Выйшла жывою, —
Выйдзі ж спаткаці вясну!

Дзетак тваіх скрозь крыўдай сляпілі,
Мучылі, гналі без часу ў труну,
Казак вучылі, што ты ў магіле,
Толькі ж бліск сонца здраду асіліў...
Выйдзі спаткаці вясну!

Ясна, святочна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песняй распейся, славай акрыйся,
Выйдзі спаткаці вясну!

Сплецену з церняў маеш карону,
Хорам твой — неба і нівы краса,
Царства ў чатыры дрэмле староны,
Слугі — мазольных рук міліёны...
Выйдзі... Чакае вясна!..