сакавік

RSS Feed

Капяжы...

Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Капяжы,
Капяжы са стрэх.
Верабей —
Кіпцюркі сагрэў,
Ацяжэў набрынялы снег.
Ацяжэлі галіны дрэў.

Нібы першы вясновы гром,
Рэха кінуўшы між бароў,
Абудзіў раку крыгалом,
У гурты пазбіраў звяроў.

Пад птушыны нясмелы ўскрык
Ручаінка з гары паўзе.
Сакавік —
Вясны маладзік —
Праразаецца пакрысе.

Пачынаюцца і ў душы
Весняй радасці
Капяжы.

Сакавіцкія воды

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Люблю сакавіцкія воды –
Вірлівыя сокі вясны.
Як вены жывыя прыроды,
Зямлю напаўняюць яны.

Набракне зямля сакавіцай.
І раптам, парой маладой,
Снег, быццам гаючай жывіцай,
Рванецца на волю вадой.

І змыецца ўсё, што балела
Скаванаму целу зямлі.
Адродзяцца нанава смела,
Як першынец, глянуць палі.

А воды, вясеннія воды
Не змоўкнуць –
Свой знойдуць працяг:
Прыроды жаданыя роды
Узыдуць пралескай жыцця.

Чаканне вясны

Яшчэ не ацэнена

Вянок плялі вясне пралескі:
«Прыходзь, жаданая, хутчэй!»
Блакіт рассыпалі на ўзлеску,
I ён палае ўсё ярчэй.

Бялютка-беленькім бярозам
Вось-вось лістоту нараджаць...
Ім сняцца лютыя марозы —
На ветры ціхенька дрыжаць.

Няяснасць першых прадчуванняў
Святлее ў сэрцы з кожным днём...
Аднойчы белы гай уранні
Зялёным выбухне агнём.

Здаецца, ўжо чуваць здалёку
Зязюлі шэрай шчодры лік...
I, ад бярозавага соку
Схмялелы,
крочыць сакавік.