Генадзь Кляўко

RSS Feed

Са звонкім смехам ручаіны...

Сярэдняя: 4.8 (5 галасоў)

Са звонкім смехам ручаіны
Імчалі, радасць несучы,
Свой смех пазычыўшы ў дзяўчыны
Пад ціхім клёнам уначы.

А вецер той, што неахвоча
Галінкі стылыя лічыў,
Падслухаў шэпт яе дзявочы —
З сабой забраў удалячынь.

Той смех і шэпт увесь, няйначай,
Тады ўзяла з сабой вясна.
Перад душой маёй юначай
Заўжды ў даўгу была яна.

У вяках столькі раз апетае...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

У вяках столькі раз апетае,
Сонца! Ты ад хвалы не меншаеш!..
Дык прабач мне й на гэты раз.
Я пра сына твайго — праменьчыка.

Я пра сына твайго — праменьчыка,
Што радзіўся ды быў маленечкі.

Толькі выпырхнуў з вечнай цемрані –
He трымала ты пры сабе яго,
Хоць ляжаў прад ім шлях нязмераны
Незнаёмага свету белага.

Толькі выпырхнуў — і не вернецца:
Там вясной на зямлю ўпала зернейка.

Ад вятроў атуліў цёплай ласкаю,
Дзень у дзень шчырэў безупынку ён.
Стала сном яго, стала казкаю,
Стала сонечнаю былінкаю.

I былінка ў час наліваецца,
Хутка зернейкаў дачакаюцца...

Падружыўся навек з зямлёй
I працуе ўвесь дзень да поту ён.
У праменьчыка будзень свой,
У праменьчыка свае клопаты.

Саграваюць зямлю праменьчыкі,
Што радзіліся ды маленечкія.

Чаканне вясны

Яшчэ не ацэнена

Вянок плялі вясне пралескі:
«Прыходзь, жаданая, хутчэй!»
Блакіт рассыпалі на ўзлеску,
I ён палае ўсё ярчэй.

Бялютка-беленькім бярозам
Вось-вось лістоту нараджаць...
Ім сняцца лютыя марозы —
На ветры ціхенька дрыжаць.

Няяснасць першых прадчуванняў
Святлее ў сэрцы з кожным днём...
Аднойчы белы гай уранні
Зялёным выбухне агнём.

Здаецца, ўжо чуваць здалёку
Зязюлі шэрай шчодры лік...
I, ад бярозавага соку
Схмялелы,
крочыць сакавік.

Усе аўтары