Lazzaro

RSS Feed

Ах, якая вясна! Ах, якая!!

Яшчэ не ацэнена

Ах, якая вясна! Ах, якая!!
Несупынны экстаз!!!
Так прыгожа – аж думка лякае:
не ў апошні бы раз.

Не ў апошні бы раз любавацца,
спаталяць голад свой
не кахання, не славы эрзацам –
паднябеснай красой.

Паднябеснай красой, без каторай
наш акрэслены свет –
багна выпалзкаў скрыні Пандоры –
прыдарожны кювет.

Прыдарожны кювет? Але гляньце,
як чаромха цвіце!
Як танцуюць дажджы на асфальце
і ў чарнюткай градзе.

У чарнюткай градзе, дзе пасевам
самы час прарасці
і падставіць далонькі залевам
дзеля шчасця ў жыцці.

Дзеля шчасця ў жыцці заквітнелі
белапенню сады,
зазвінелі жаўронкаў свірэлі,
заспявалі дразды.

Заспявалі дразды, і салоўкі,
і абцасы кабет...
А паэты зайгралі са слоукам,
апяваючы свет.

Апяваючы свет, я блукаю
ад відна да відна
і, хмялеючы, сэрцайкам таю:
Ах, якая вясна!

12.05.2014

Зіма адступае, але не здаецца.

Яшчэ не ацэнена

Зіма адступае, але не здаецца.
Ды, як ні лютуе яна,
усё жыццярадасней тахкае сэрца:
“До спаць,
чалавеча!
Вясна!”

Хмялее вятрыска. Ад сонечных промняў
ужо не схавацца нідзе.
Як светла, як цепла, як хораша сёння:
вясна-
прыгажуня
ідзе!

Юнак-сакавік, як дзяжурны па раю,
пільнуе палеткі свае —
у бляск ручаёў талы снег прыбірае,
гудзе.
і журчыць,
і пяе!

А дрэвы абжылі залётныя птушкі
і просяць у неба: “Піць-піць.”
І кожная з іх далягляду на вушка
пяе —
і званочкам
звініць.

І гэтыя гімны — ад краю да краю —
знямоглай зіме не суняць.
Па свеце вясновая радасць гуляе,
звініць
і гукае:
“До спаць!”

6.03.2013

О цуд!

Яшчэ не ацэнена

О цуд — мяцеліца мяце!
Няўжо...
ізноўку снегапады?
Усё — у пеннай мілаце:
і сад пабелены, і грады,
і траўка — коскамі чупрын
уздоўж асветленай сцяжынкі,
і зграйка лужын-азярын...

А з грушы ўзнятыя "сняжынкі"
як пёркі, сыплюцца "з нябёс",
"марозяць" сэрца і далоні,
бы матылькі, казычуць нос,
і... прыЗЯМЛЯюцца ва ўлонне.

Здаецца, зноў прыйшла зіма...

Але... Што гэта?
Спеў салоўкі!
Ён ухваляе светлы...
май,
садоў квітнёвыя абноўкі,
адзьмухавечаны мурог,
святлом прасонечные дрэвы
і... водар лісця і дарог,
амытых першаю залевай.

Ен апявае прыгажосць
душой музЫкі і паэта:

"Адчуйце, людзі! Шчасце ёсць!
Яно вось гэта, гэта, гэта..."

13.05.2015

Усе аўтары