Рыгор Барадулін
RSS FeedЗазелянелі даўнія лугі...
Зазелянелі даўнія лугі.
Конь засмяяўся смехам непадкутым.
Шлях развінуўся разарваным путам.
I араллёй паснедалі плугі.
Рака свае пазнала берагі.
Дуб ацалелы высіцца магутам.
Нядоўга йскрынцы рахавацца з трутам.
Марнее даль ад смагі і смугі.
Усё, што запавешчана вякамі,
Чакае спадкаемцу, каб яму
Зрабіліся чужынцы сваякамі
I крэўнікі халодна ачужэлі.
Сноп на таку не дзякуе вязьму.
Зярнятку цёпла ў спадчыннай пасцелі.
Крыг крыг
Раку-шчыруху
Разумею:
Ёй рупіць
Скруху
Зімавею
Скруціць хутчэй
У вір круты.
I — прэч з вачэй
Праз чараты,
Кусты,
Карчы
Да дня цячы —
Ад глухаты начы
Уцячы.
Няхай сабе
Адчай сапе.
Страх
У ярах
Даволі
Дрых.
На волю
Просіцца
крык
крыг...
На малады пачатак мая
Быў малады пачатак мая,
Чаромха ехала ў трамваі,
Перапавітая ў газету,
З таго,
Дзе ўсё жывое,
Свету
У свет бетону і жалеза
З таго,
Дзе хмель лясны шалее.
Яшчэ нахабнай быць не ўмела,
Азябла пахла і нямела.
Хацелася гукнуць чаромсе:
— Ты смела пахні, не саромейся,
Хай пасажыры ў веснім шале,
Як некалі дзяды ў кружале,
Забудуць нудную развагу,
Настрой даверыўшы размаху.
Чаромха! Пахам сум зрывай,
Хай, не падумаўшы, трамвай,
Як утрапёны, з рэек сыдзе
I з ходу ўрэжацца ў лясы,
Дзе
Нацёрлі пяткі сцежкам травы,
Дзе прысмак у кары гаркавы.
Дзе радасць нерасту на рэках.
Скажы, чаромха, што трымае
Сон пасажыраў у трамваі
I лязгатун-трамвай на рэйках?
Апошнiя водгукi
2 года 40 недель назад
2 года 41 неделя назад
2 года 42 недели назад
2 года 42 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад
2 года 43 недели назад