Сяргей Законнікаў
RSS FeedДзесяцікласніцы
Пад кронамі купчастымі
Ляжыць ружовы снег...
Сцяжынкай пакручастаю
Прабег раптоўна смех.
Ідуць дзесяцікласніцы
З «апошняга званка»,
Лагодзіць твары ласкаю
Духмянасць свежака.
Мяцеліцы пялёсткавай
Шчымлівы халадок
Прымае ў сэрца з лёгкасцю
Сямнаццаты гадок.
Ён верыць —
Хутка спраўдзіцца
Надзей усіх прагноз
З нязначнаю папраўкаю
На час і ўласны лёс.
Іх хвалю запаветную
Страмчэй,
Жыццё.
Ўзнімай!
Шуміць зялёным ветразем
Над светам добры май.
На незнаёмым беразе
Прыстануць іх чаўны...
Зямля ў сукенцы беленькай
Бяжыць на выпускны.
Квецень
Цвітуць сады шырока, вольна,
Плывуць, як ветразі надзей...
Хто з гэтакаю сілай здольны
Ускалыхнуць жыццё людзей?
Бунтуе квецень маладая,
Якую кормяць карані.
Зямля нявестай выглядае
Сярод касмічнае радні.
Плывуць сінечаю да сонца
Ружова-белыя вянкі,
Трымцяць пялёсткі на далоньцы,
На пасмах ля тваёй шчакі.
Каханая,
Падай мне рукі...
Лічыць ня будзем мы гады,
Бо нам прарочаць неўміручасць
Сваёй адвагаю сады.
Чаромхавыя вёсны
Помніцца час развітальны —
Пошчак салоўка куе,
Пахнуць чаромхай світальнай
Цёплыя вусны твае.
Неба высокае родніць
З юнай зямлёй спеўны пах —
Роснай галінкай чаромхі
Затрапятаў Млечны Шлях.
Услед за пялёсткавай веяй
Вёснаў нямала сплыло.
Бачыш: ізноў маладзее
Квеценню наша сяло.
Сцежкай іду асцярожна,
Згадка душу саграе...
Пахнуць світальнай чаромхай
Цёплыя вусны твае.
Апошнiя водгукi
2 года 35 недель назад
2 года 36 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад